Экскурсія па раздзеле “Гісторыя саўгаса”
Саўгас “Туча” быў створаны ў 1939 годзе на базе былых памешчыцкіх зямель. У яго склад увайшлі вёска Туча, Янавічы, Стралкава, Дунайчыцы. Былыя сяляне-батракі сталі першымі рабочымі саўгаса. Адметнай рысай гаспадаркі былі спіртзаводы ў Тучы і Дунайчыцах.
Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пачынаецца адраджэнне саўгаснай вытворчасці. На пачатак аднаўленчага перыяду саўгас налічваў звыш 1100 га зямлі, 71 чал. рабочых, 7 служачых, два трактары, адзін аўтамабіль. Вясной 1945 года ў саўгасе было 9 кароўі 6 свінаматак.
У 50-я гады саўгас узначальваў удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Савелій Якаўлевіч Навуменка.
У 1957 годзе адбылося ўзбуйненне саўгаса, да якога далучыліся землі калгаса “Чырвоны партызан” (гэта в. Траццякі). Гаспадарка была мяса-малочнага накірунку. У 1959 годзе саўгас “Туча” за поспехі па вытворчасці малака быў занесены на абласную Дошку гонару.
Даярка саўгаса Грыцкевіч Ганна Іосіфаўна была ўдастоена ўрадавай узнагароды – ордэна працоўнага Чырвонага Сцяга. К гэтаму часу яна надаіла 400 тон малака – гэта цэлы чыгуначны састаў.
Сотні свіней штогод адкормліваў калектыў свінагадоўчай фермы.
У канцы 50-х у саўгасе з’явілася новая галіна гаспадаркі – птушкагадоўля. Гаспадарка здавала дзяржаве мяса і яйкі качак.
Праводзілася работа па асваенню тарфяннікаў.
Поспехі дасягаліся цяжкай працай. Жыццё рабочых саўгаса ў 50-я гады нельга назваць лёгкім. Так як людзей было шмат, работы не хапала, то яе размяркоўвалі так: сёння аднаму, а заўтра другому.
У 1965 годзе да саўгаса былі далучаны брыгады калгаса “Новы шлях” – вёскі Рудкі, Масцілавічы, Дунайчыцы-2, првыкладна два гады ў складзе саўгаса былі Агарэвічы.
У 70-х першай палове 80-х гадоў саўгас “Туча” быў буйнейшай у раёне гаспадаркай па вырошчванні гародніны. Пад гародніну адводзілася 250-300 га зямлі, былі вялікія цяпліцы.
Спецыялізаваўся саўгас таксама на вытворчасці мяса і малака. Мелася 20 збожжаўборачных камбайнаў.
З 1970 па 1982 год, калі дырэктарам саўгаса быў Канстанцін Іванавіч Захарчук, у саўгасе былі пабудаваны два зернесушыльныя комплексы КЗС 10 і КЗС 20, складскія памяшканні і новы будынак школы. Актыўна выкарыстоўвывалася сельскагаспадарчая авіяцыя.
У 80-я гады, з прыходам на пасаду дырэктара саўгаса Уладзіміра Рыгоравіча Вайтовіча, многа ўвагі стала ўдзяляцца сацыяльнай сферы. З’явіліся новыя вуліцы з сучаснымі дамамі, пабудаваны сельскі Дом культуры.
Паступова ўзмацніліся цяжкасці вытворчага і фінансавага характару. З першага лістапада 1991 года саўгас быў пераўтвораны ў калгас.
У 2003 годзе гаспадарка стала прыватным унітарным прадпрыемствам (дырэктар-Абраменя Рыгор Барысавіч), а затым-сельскагаспадарчым вытворчым філіялам рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Мінск Крышталь”. З 2006 года СПФ узначальваў Урбановіч Сяргей Андрэевіч.
У 2014 годзе дырэктарам сельскагаспадарчага прадпрыемства “Туча” стаў Захарчук Уладзімір Канстанцінавіч. У 2015 годзе сельскагаспадарчы вытворчы філіял рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Мінск Крышталь” быў перакваліфікаваны ў агракамбінат “Туча”- філіял ААТ “МІНСК КРЫШТАЛЬ” – кіруючая кампанія холдынгу “МІНСК КРЫШТАЛЬ ГРУПП”.
Самым вядомым працаўніком гасподаркі з’яўляецца Аляксандр Афанасьевіч Шлапакоў.
У канцы 50-х гадоў, пасля заканчэння Бабруйскага вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі ён стаў працаваць у саўгасе “Туча” механізатарам. Займаўся вырошчваннем бульбы і кукурузы. На камбайн перасеў у 1972 годзе. Год за годам удасканальвалася майстэрства, дасягаліся ўсё новыя вышыні.
У 70-х гадах камбайнёры Клетчыны ішлі ў першых радах майстроў уборкі Мінскай вобласці, але канчатковыя паказчыкі былі сціплымі - 400-500 тон зерне за сезон - гэта ў лепшых, а большасць мелі вынік у 130-200 тон. Шлапакоў жа са сваім напарнікам Паўлам Уладзіміравічам Здрокам столькі намалочвалі за два-тры дні.
У 1979 годзе Аляксандр Афанасьевіч Шлапакоў стаў першым у Мінскай вобласці “тысячнікам” – намалаціў звыш 1000 тон збожжа за сезон.
У 1980 годзе А.А. Шлапакоў прыняў удзел у IX Усесаюзных спаборніцтвах механізатараў – аратых, быў удастоены залатога медаля Выстаўкі Дасягненняў Народнай Гаспадаркі і атрымаў у якасйці ўхзнагароды за апрацу аўтамабіль “Масквіч 412”.
Аляксандр Афанасьевіч удзельнічаў і ў Х і ў ХІ Усесаюзных спаборніцтвах механізатараў у 1982 і ў 1985 гадах, а ў 1986 годзе на спаборніцтвах аратых краін – членаў Савета Эканамічнай Узаемадапамогі, заняў ІІІ месца і быў узнагароджаны медалём.
Практычна кожны год станавіўся А.А. Шлапакоў пераможцам жніва і сацыялістычнага спаборніцтва механізатараў. Свій вопыт перадаваў маладым, паказваў на практыцы як адносіцца да тэхнікі, да справы. На пенсію Аляксандр Афанасьевіч выйшаў у 55 гадоў, але працягваў працаваць. Паўстагоддзя працы аддадзена гаспадарцы. Па працы – гонар і узнагароды.
Прыз імя А.А. Шлапакова ўручаецца цяпер у нашым раёне пераможцам жніва.
Розныя часы перажывала наша гаспадарка за сваю гісторыю: былі ўзлёты, падзенні. Цяпер гаспадарка працуе стабільна, часта займае прызавыя месцы ў спаборніцтвах працоўнікоў сельскай гаспадаркі.
Экскурсія
“З мінулага роднага краю”
Добры дзень, паважаныя госці!Вітаем Вас у школьным краязнаўчым музеі гісторыі вёскі Туча.
Карацк, Навадворкі,Зубкі, Кісялі-
Якіх толькі назваў не зналі.
А гэтую вёску на Клецкай зямлі
Чамусьці вось Тучай назвалі.
Чаму? Хто ж вам скажа.
Здаецца дажджы ішлі тут не так ужо й часта…
Вясною звычайныя капяжы…
І на ж табе-Туча ды й баста!
А можа народ тут змрочны жыве,
Такі , што не дасць вас спуску?
То хай бы хоць Хмарай назвалі яе!
Дык бачыш ты, Туча-па-руску.
А можа хмурае месца тут?
А можа тут шчасця мала?
Ды не, тут маёнтак быў- проста цуд.
І сонца, і поля хапала.
Гэта першыя слупкі верша, які напісала Лілія Віктараўна Мялешка.
А паходзіць назва нашай вёскі ад рэчкі Тучанкі. У розныя часы Туча належала каралеве Боне (Сфорца), Радзівілам, тут меў маёнтак Война Грычановіч, а з канцаx XVIII стагоддзя Тучай валодалі Яленскія, якія пабудавалі ў сярэдзіне XIX стагоддзя маёнтак, які з’яўляецца цяпер помнікам архітэктуры і ахоўваецца законам.
Згодна з усерасійскім перапісам насельніцтва 1896 года ў вёсцы Туча пражывала 333 чалавекі і яшчэ 65 жыло ў маёнтку. Важнейшыя гістарычныя падзеі праламляліся ў лёсах тучан. Пасля адмены прыгоннага права сяляне выкупалі зямлю ў памешчыка. Вы можаце бачыць як выглядалі выкупныя дакументы. А вось фотаздымкі часоў Першай сусветнай вайны. А на гэтым вы бачыце апошнюю ўладальніцу маёнтка Ядзвігу Яленскую ў акружэнні вяскоўцаў ( паказ фотаздымкаў).
А як жа жылі нашы землякі раскажа наступны раздзел нашага музея.
Экскурсія “Сялянскі быт ІХХ – першай паловы ХХ стагоддзя”
Аснову харчавання нашых продкаў складаў жытні (чорны хлеб). Ён меў мноства гатункаў, што было звязана з сортам і якасцю збожжа, яго памолам, наяўнасцю дамешкаў, прыправы, тэхналогіяй закваскі цеста і спосабам выпякання.
Выпечка хлеба была вельмі адказнай справай. Гаспадыня з вечара расчыняла хлеб – разводзіла цёплай вадой у дубовай дзяжы закваску (трошкі цеста пакінутага з папярэдняга замесу), ставіла ў цёплае месца, а раніцай дасыпала мукі і добра вымешвала цеста. Звычайна хлеб пяклі раз на тыдзень – 5-8 боханаў. Хлеб саджалі ў печ драўлянай лапатай, папярэдне паклаўшы на яе кляновае, дубовае, капуснае лісце. Кожны бохан акуратна ссоўвалі разам з лісцем на ачышчаную чарэнь і засланялі печ.
Існавала шмат звычаяў звязанных з выпяканнем хлеба: гаспадыня павінна быць чыста апранута і ў добрым настроі (інакш хлеб будзе нясмачным); забаранялася, пакуль хлеб у печы, гучна размаўляць, смяяцца, ляжаць на печы, бо ўсё гэта – крыўда для хлеба, знявага, ён можа патрэскацца, выйсці няўдалым.
Дастаўшы хлеб з печы, клалі яго на ручнік, пырскалі боханы вадою, каб скарынка была мякчэйшая. Хату напаўняў найлепшы водар-хлебны пах.
Хлеб быў неабходным атрыбутам шматлікіх звычаяў і абрадаў. Хлебам-соллю сустракалі дарагіх гасцей, маладых у час вяселля. Збожжам абсыпалі шлях маладым. Хлеб і збожжа выкарыстоўвалі пры агледзінах нівы, зажынках, дажынках. Традыцыі гэтыя жывуць і ў наш час.
Матэрыяламі для адзення для нашых прабабуль служыла мясцовая сыравіна – воўна, пянька, аўчына, футра, скура, а найчасцей – лён.
Сцяблінкі абмалочанага і высушанага ільну церлі пры дапамозе церніцы, затым трапалі і часалі або, як часта гаварылі, абдзіралі. Абадранае адзін раз называлася зрэб’е, прчэсанае яшчэ раз – пярэдзіркі. І толькі пасля гэтага пралі і ткалі палатно.
Асноўнымі спосабамі ўпрыгожвання тканін былі ўзорнае ткацтва, афарбоўка, вышыўка, адбельванне, гафрыроўка, канкавы арнамент.
Самым распаўсюджаным вырабам з лёну былі ручнікі.
Тыповае жаночае адзенне складалася з палатнянай кашулі (сарочкі), спадніцы, фартуха і безрукаўкі.
Выкарыстоўваліся ў побыце тучан разнастайныя вырабы бандароў і ганчароў. Часам сустракаліся рэчы не мясцовай вытворчасці. Так, у нашым музеі вы можаце бачыць сапраўдны тульскі самавар, выраблены на заводзе Баташава. Дарэчы, Баташавы лічыліся ў Туле “самаварнымі каралямі”, а іх самавары праславіліся далёка за межамі Расіі.
Вось такія прылады працы, рэчы акружалі жыхароў нашай вёскі ў ІХХ – першай палове ХХ стагоддзя.
Экскурсія “У гады Вялікай Айчыннай вайны”
Цяжкім выпрабаваннем для жыхароў нашай вёскі, як і для ўсёй краіны стала вайна.
Ужо 25 чэрвеня 1941 года гітлераўскія захопнікі з’явіліся на Клетчыне. Пачаўся цяжкі перыяд акупацыі. На заклікі падпольных камітэтаў узняцца на барацьбу з фашыстамі адгукнуліся многія нашы землякі. Яны змагаліся ў розных партызанскіх атрадах на Клетчыне і за яе межамі.
У былым панскім доме у вёсцы Туча ў гады вайны размяшчаўся паліцэйскі гарнізон. Партызаны правялі аперацыю па яго знішчэнню. Першым гранату ў спальню паліцаяў кінуў Сцяпан Кірэйчык.
У экспазіцыі музея вы можаце бачыць фотаздымкі ўдзельнікаў партызанскага руху, іх узнагароды, дакументы. Звярніце ўвагу на лістоўку выдадзеную ў 1942 годзе, пасведчанне асобы часоў вайны.
Больш за 1000 дзён знаходзіліся жыхары Клетчыны пад фашысцкай акупацыяй.
Вызваліла нашу мясцовасць 48-я гвардзейская стралковая дывізія. Яе гісторыя пачынаецца восенню 1941 года, калі ў Варонежы была сфарміравана 17-я асобная стралковая брыгада. У снежні 1941-ага яна прыняла ўдзел у контрнаступленні савецкіх войскаў пад Масквой. У студзені 1942 года ў складзе брыгады засталося ўсяго каля 300 чалавек. Яны і сталі асновай для фарміравання 264-й стралковай дывізіі, якая вызначылася ў баях з фашыстамі і восенню 1942 года атрымала званне гвардзейскай.
Слаўны баявы шлях прайшла 48-гвардзейская. Пры вызваленні г. Крывы Рог яна атрымала ганаровае найменне Крыварожскай, за вызваленчыя баі ў Беларусі ўзнагароджана ордэнам Чырвонага Сцяга, за ўзорнае выкананне баявога задання ва Усходняй Прусіі – ордэнам Сувораў II ступені, за авалоданне Берлінам – ордэнам Кутузава II ступені.
У экспазіцыі вы бачыце матэрыялы, якія асвятляюць баявы шлях дывізіі.
5 ліпеня 1944 года наша вёск была вызвалена. Дзясяткі нашых землякоў папоўнілі рады Чырвонай Арміі. Не ўсе вярнуліся дадому. У гады Вялікай Айчыннай вайны загінулі або прапалі без вестак 13 ураджэнцаў вёскі Туча, 14 чалавек з вёскі Траццякі, 11 – з Рудкоў, 16 – з Масцілавіч, 20 – з Дунайчыц.
Летам 1944 года ў Тучы размяшчаўся 101 -шы эвакапрыёмнік, дзе першую дапамогу атрымлівалі параненыя савецкія салдаты і афіцэры. На жаль, не ўсіх удалося выратаваць.
48 ваеннаслужачых, загінуўшых пры вызваленні і памерлых ад ран пахаваны ў брацкіх магілах нашай вёскі.
Экскурсія
Гісторыя школы
Гісторыя Тучанскай школы пачынаецца з восені 1912 года, калі асобныя сяляне паслалі сваіх дзяцей навучацца грамаце да жонкі мясцовага святара Праскоўі Васільеўны Крукоўскай. Першы год было два класы, затым чатыры. Чацвёрты быў выпускным.(звярніце ўвагу на фотаздымкі)
У перыяд знаходжання Заходняй Беларусі, а гэта значыць і нашай мясцовасці, у складзе польскай дзяржавы, навучанне вялося на польскай мове. Школа размяшчалася ў адным пакоі, займаліся ў дзве змены.
Пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР змены прыйшлі і ў школу. Настаўніцай з гэтага часу і да пачатку вайны была Лідзія Іванаўна Крукоўская, аб якой у яе вучняў засталіся самыя светлыя ўспаміны. У гады вайны школа закрывалася на 2-5 месяцаў.
У 1947-48-м навучальным годдзе ў Тучанскай пачатковай школе ўпершыцню былі арганізаваны два піянерскія атрады, меўся прышкольны ўчастак. Загадчыкам школы быў Пётр Кузьміч Козак. У сярэдзіне 50-х гадоў прпацавала ўжо 4 настаўнікі.
З 1959 года школа стала сямігадовай і размясцілася ў былым панскім доме. Тут жа размяшчалася кантора саўгса і пошта. А з наступнага, 1960 года, Тучанская школа-васьмігодка. У 1967 годдзе адбыўся першы выпуск Тучанскай сярэдняй школы.
У 1969-1970 навучальным годдзе ў школе займалася 420 вучняў. Група школьнікаў за выдатную вучобу і прыкладныя паводзіны была ўзнагароджана паездкай у Маскву. Камсамольская арганізацыя пад кіраўніцтвам Галіны Шылко стала лепшай у раёне, а сакратар камітэта камсамола Зоя Гаўрышчук у 1971 годдзе была выбрана дэлегатам XVI зхезда ВЛКСМ.(звярніце ўвагу на граматы, дыпломы, дакументы, якія змяшчаюцца ў экспазіцыі)
4 кастрычніка 1975 года расчыніліся дзверы новага(цяперашняга) будынка школы. На жаль, колькасць вучняў у школе пастаянна скарачаецца. З 1 верасня 2005 года –гэта ўжо сад-школа, а з 2007 года яна дзейнічае як дзяржаўная ўстанова адукацыі «Тучанскі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа Клецкага раёна».
У памяці выпускнікоў школы назаўсёды застануцца паездкі ў ГДР, Маскву, Ленінград, Севастопаль, Мінск, Брэст, Нясвіж, Мір, Ліду. Наведванне гістарычных і культурных мясцін Беларусі, турыстычныя паходы на Нарач, Свіцязь, Шчару, па Клеччыне, сустрэчы з цікавымі людзьмі, ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, школьныя мерапрыемствы і , вядома, любімыя настаўнікі.
Мы помнім сваіх выпускнікоў, іх справы і дасягненні.