Публічная справаздача ўстановы адукацыі
за 2022/2023 навучальны год
Адукацыйны працэс ва ўстанове адукацыі арганізаваны ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, нарматыўнымі прававымі актамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, лакальнымі нарматыўнымі дакументамі.
У 2022/2023 навучальным годзе ва ўстанове адукацыі працавала дзесяць класаў – 43 вучні і 1 рознаўзроставая дашкольная група ў колькасці 15 выхаванцаў. Першая ступень – 20 вучняў, другая ступень – 18 вучняў, трэцяя ступень – 5 вучняў.
У параўнанні з мінулым годам колькасць вучняў павысілася: 2021/2022 н.г. – 56 (41+15), 2020/2021 н.г. – 56 (41+15), 2019/2020 н.г. – 56 (38+18).
Для ажыццяўлення адукацыйнага працэсу выкарыстоўваюцца: бібліятэка, спартыўная зала, актавая зала, 12 вучэбных кабінетаў, кабінет тэхнічнай працы, кабінет абслуговай працы, 1 камп’ютарны клас з камплектацыяй 6+1, пакоі групы дашкольнай адукацыі. Вучэбныя кабінеты абсталяваны згодна з правіламі тэхнікі бяспекі і супрацьпажарнай бяспекі. Усе кабінеты маюць дастатковую наглядна-дыдактычную і метадычную базу, адказваюць санітарна-гігіенічным нормам, маюць дастатковы ўзровень асветленасці, неабходную мэблю, эстэтычна аформленыя.
Маецца харчаблок і абедзенная зала на 60 пасадачных месцаў. Харчаблок забяспечаны тэхналагічным і халадзільным абсталяваннем. Гарачым харчаваннем ахоплена 100% навучэнцаў.
Адукацыйны працэс ва ўстанове адукацыі ажыццяўлялі шаснаццаць педагогаў, сярод іх адзін настаўнік-сумяшчальнік.
З указанай колькасці 8 педагогаў вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі (50%), 5 педагогаў – I кваліфікацыйнай катэгорыі (31,3%), 3 педагогі – II кваліфікацыйнай катэгорыі (18,7%). 14 педагогаў (87,5%) маюць вышэйшую прафесійную адукацыю, 2 – сярэднюю спецыяльную (12,5%).
Ва ўстанове адукацыі працуе атэстацыйная камісія. Дакументацыя па правядзенні атэстацыі педагогаў вядзецца ў адпаведнасці з нарматыўнымі прававымі дакументамі, распрацаваны перспектыўны план атэстацыі педагагічных работнікаў на перыяд з 2020 па 2025 гады. У 2022/2023 навучальным годзе быў атэставаны 1 педагог: Пяшко І.Л., настаўнік хіміі, на прысваенне другой кваліфікацыйнай катэгорыі “выхавальнік”.
Планаванне навучальнага працэсу ва ўстанове ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Палажэннем аб установе агульнай сярэдняй адукацыі на аснове тыпавога вучэбнага плана сярэдняй школы, тыпавога вучэбнага плана дашкольнай адукацыі. Вучэбная дзейнасць для навучэнцаў арганізавана ў рамках 6-дзённага працоўнага тыдня. Расклад урокаў, заняткаў, факультатыўных заняткаў, аб’яднанняў па інтарэсах складзены з захаваннем санітарна-гігіенічных нормаў. Нагрузка на навучэнцаў адпавядае нормам вучэбнага плана.
Адукацыйны працэс у групе дашкольнай адукацыі ажыццяўляўся па вучэбнай праграме дашкольнай адукацыі з улікам узроставых асаблівасцей.
З мэтай узбагачэння спектру адукацыйных паслуг для выхаванцаў з пачатку навучальнага года працавала адаптацыйная група кароткачасовага знаходжання, якую наведвалі трое выхаванцаў ва ўзросце 3-х гадоў (2021/2022 навучальны год – 3, 2020/2021 навучальны год – 4, 2019/2020 навучальны год – 0).
Для эфектыўнага развіцця адукацыйнага працэсу група дашкольнай адукацыі забяспечана неабходнымі сродкамі навучання і выхавання. Выкананне “Пераліку сродкаў выхавання, навучання” складае 87,6% (2021/2022 навучальны год – 87,1%, 2020/2021 навучальны год – 84,8). Аднак неабходна працягнуць работу па аснашчэнні групавога памяшкання сюжэтна-ролевымі гульнямі сучаснай тэматыкі.
Забяспечанасць праграмна-метадычнымі матэрыяламі для арганізацыі адукацыйнага працэсу складае: для педагогаў – 100% (2021/2022 навучальны год – 93,9%, 2020/2021 навучальны год – 92,3%); для выхаванцаў – 90% (2021/2022 навучальны год – 91,7%). У 2022/2023 навучальным годзе метадычны вугалок папоўніўся падручнікамі па адукацыйных галінах “Музычнае мастацтва”, “Дзіця і прырода.”
Для выканання праграмы дашкольнай адукацыі пастаянна абнаўляецца дэманстрацыйны матэрыял па адукацыйных галінах “Навучанне грамаце”, “Элементарныя матэматычныя ўяўленні”. Аформлены вугалок бяспекі, вугалок азнаямлення з беларускай культурай. Для выхаванцаў аформлены дыдактычныя гульні, сабраны наглядны матэрыял для заняткаў.
На працягу навучальнага года праводзілася актыўная работа па пераемнасці паміж групай дашкольнай адукацыі і ўстановай адукацыі: арганізавана ўзаеманаведванне заняткаў выхавацелямі і настаўнікамі пачатковых класаў, праводзіліся сумесныя мерапрыемствы, фізкультурныя святы.
Недахопам у арганізацыі адукацыйнага працэсу ў групе дашкольнай адукацыі з’яўляецца адсутнасць сістэмнай работы з дзецьмі над развіццём звязнай мовы выхаванцаў, папаўненнем іх слоўніка.
У наступным навучальным годзе выхавацелям дашкольнай адукацыі неабходна прадоўжыць работу па стварэнні прадметна-развіваючага асяроддзя, фарміраванні ў дзяцей культуры зносін, развіццю мовы, мыслення і ўвагі, самастойнасці выхаванцаў.
Усе дзеці школьнага ўзросту мікрараёна ўстановы адукацыі былі ахоплены навучаннем і атрымлівалі агульную базавую адукацыю. 100% пяцігодак наведвалі дашкольную групу і былі ўключаны ў сістэму падрыхтоўкі да школы.
Педагагічным калектывам праводзілася работа па выкананні артыкулаў 150-152 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі. Два разы ў год ажыццяўляўся ўлік кантынгенту вучняў. Дадзенае пытанне разглядвалася на нарадах пры дырэктару ў верасні і студзені. Вялася неабходная дакументацыя па ўліку дзяцей, якія належаць навучанню на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі.
З мэтай стварэння станоўчага асяроддзя для рэалізацыі творчага патэнцыялу, узмацнення матывацыі вучэбных мэт, павышэння інтэлектуальна-пазнаваўчага інтарэсу і на аснове адукацыйных запытаў вучняў і заяў законных прадстаўнікоў вучняў была арганізавана работа факультатыўных заняткаў: у I-X класах наведвалі факультатывы 43 (100%) вучняў, (у мінулым навучальным годзе 41 (100% вучняў).
Згодна з заявамі законных прадстаўнікоў вучняў ва ўстанове адукацыі працавалі аб’яднанні па інтарэсах на платнай аснове: “Кам’ютарныя гульні” – 12 вучняў (ахоп 27,9%), для выхаванцаў групы дашкольнай адукацыі “Вясёлка” – 10 дашкольнікаў (ахоп 66,6%).
Ва ўстанове адукацыі праводзіцца пэўная работа з высокаматываванымі вучнямі праз індывідуальную работу з настаўнікам, выкананне заданняў павышанага ўзроўню на ўроках, работу школы алімпійскага рэзерву ў канікулярны час. Аднак дадзеная работа не прыносіць значных рэзультатаў праз выступленне вучняў ў другім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах і раённай алімпіядзе навучэнцаў пачатковай школы.
Вынікі ўдзелу ў другім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах вучняў: за 2020/2021 н.г. – 4 удзельнікі – 1 прызавое месца (25%), 2021/2022 навучальны год – 2 удзельнікі, прызавое месца адсутнічае, 2022/2023 н.г. – 5 удзельнікаў – 1 прызавое месца (20%).
Вынікі ўдзелу ў раённай алімпіядзе вучняў другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі: за 2020/2021 н.г. – 7 удзельнікаў – 1 прызавое месца (14,3 %), 2021/2022 н.г. – 7 удзельнікаў – 3 прызавых месцы (23,3%), 2022/2023 н.г. – 5 удзельнікаў – 2 прызавых месцы (40%).
Вынікі ўдзелу ў раённай прадметнай алімпіядзе малодшых школьнікаў “Таленавітыя дзеці” за 2020/2021 н.г. – 1 удзельнік – прызавое месца адсутнічае, 2021/2022 н.г. – 6 удзельнікаў – 1 прызавое месца (16,6%), 2022/2023 н.г. – 2 удзельнікі – прызавое месца адсутнічае.
Асобным накірункам работы з вучнямі з’яўляецца арганізацыя даследчай дзейнасці. Ва ўстанове адукацыі працуе навуковае таварыства навучэнцаў “Эрудыт” (кіраўнік Кавальчук І.В.). Маецца палажэнне аб НТН, план работы, пратаколы пасяджэнняў, матэрыялы да іх. Удзельнікі навуковага таварыства прымаюць удзел у школьным і раённым этапах конкурсу работ даследчага характару, эколага-біялагічным конкурсе даследчых работ. У 2022/2023 н.г. ва ўнутрышкольнай канферэнцыі прынялі ўдзел 1 дашкольнік, 2 вучні пачатковай школы і 6 вучняў V-X класаў з работамі па розных накірунках. У выніку правядзення ўнутрышкольнай канферэнцыі на раённую канферэнцыю было заяўлена 4 работы У раённым конкурсе работа “Особенности искажения норм русского языка в виртуальном пространстве” атрымала дыплом ІІ ступені (у мінулым навучальным годзе з шасці работ – адзін дыплом ІІ ступені). Для ў удзелу ў раённым фестывалі работ даследчага характару малодшых школьнікаў “Я - даследчык” было прадастаўлена дзве работы (у мінулым навучальным годзе – 2). Дыплом ІІІ ступені (50%) атрымала работа вучня ІІІ класа (у мінулым навучальным годзе таксама адно прызавое месца).
Аднак на працягу трох гадоў выхаванцы групы дашкольнай адукацыі не прымаюць удзел у раённым этапах фестываля “Я - даследчык”.
Праводзіцца сістэматычная работа па падрыхтоўцы вучняў да абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу эколага-біялагічных работ. Аднак дадзеная работа не прыносіць значных вынікаў праз выступленне вучняў. 2020/2021 навучальны год – рэзультат адсутнічае, 2021/2022 навучальны год – дыплом пераможцы, 2022/2023 навучальны год – дыплом удзельніка.
Штогод вучні прымаюць удзел у абласных дыстанцыйных алімпіядах па вучэбных прадметах. У 2021/2022 навучальным годзе – дыплом ІІ ступені дастанцыйнай алімпіяды па нямецкай мове, 2022/2023 навучальным годзе – пяць дыпломаў.
Неабходна адзначыць штогадовы ўдзел навучэнцаў (каля 80%) у міжнародных інтэлектуальных конкурсах. Назіраецца станоўчая дынаміка як па колькасці ўдзельнікаў, так і па колькасці атрыманых прызавых месцаў.
На працягу 2022/2023 навучальнага года ажыццяўляўся кантроль за якасцю ведаў вучняў па вучэбных прадметах “Біялогія”, “Руская літаратура”, “Хімія”, “Чалавек і свет”, “Айчынная і сусветная мастацкая культура”, “Выяўленчае мастацтва”. На кантролі знаходзілася вывучэнне пытанняў пераемнасці ў рабоце дашкольнай групы і пачатковага звяна, адаптацыі вучняў V класа, ступень гатоўнасці вучняў IX класа да выніковай атэстацыі, арганізацыя работы факультатыўных заняткаў, заняткаў па інтарэсах, занятасць навучэнцаў у шосты школьны дзень.
Адным з асноўных накірункаў работы школы з’яўляецца забеспячэнне развіцця дашкольнай адукацыі. Работа вялася згодна з праграмай і стандартам дашкольнай адукацыі, узростам дзяцей і распарадкам дня групы дашкольнай адукацыі.
На працягу навучальнага года праводзіліся заняткі “Рыхтуемся да школы”, узаеманаведванні заняткаў і выхаваўчых мерапрыемстваў, выяўляўся ўзровень адаптацыі выпускнікоў групы дашкольнай адукацыі. Для дашкольнікаў былі арганізаваны экскурсіі ў школьную бібліятэку, краязнаўчы музей “Гісторыя вёскі Туча”.
На кантролі знаходзіліся пытанні: “Стан выкладання адукацыйных галін: “Выяўленчае мастацтва”, “Дзіця і грамадства”, “Аналіз наведвання заняткаў выхаванцамі групы дашкольнай адукацыі”, “Аб падрыхтоўцы да летняга аздараўленчага перыяду рознаўзроставай дашкольнай групы”.
Штогод праводзіцца работа па ажыццяўленню кантроля якасці ведаў вучняў, праводзяцца маніторынгавыя даследаванні па прадметах, на бацькоўскіх сходах з імі знаёмяцца бацькі.
Сярэдні ўзровень якасці ведаў вучняў X класа - 100%, V-ІX класаў – 85,7%, III-IV –90,9%. На працягу трох гадоў ва ўстанове адукацыі пераважае сярэдні і дастатковы ўзровень навучання вучняў, назіраецца рост навучэнцаў на высокім узроўні. Сярэдні бал па ўстанове адукацыі на працягу апошніх гадоў застаецца практычна на адным узроўні, што з’яўляецца станоўчым. Па выніках 2022/2023 н.г. сярэдні бал склаў 6,8; за 2021/2022 н.г. – 6,9; за 2020/2021 н.г. – 6,7.
Значная ўвага ў рабоце калектыву ўдзялялася вучням з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. З мэтай падтрымкі дзяцей з АПФР арганізавана дзейнасць пункта карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. На ПКПД займаліся і атрымлівалі карэкцыйна-педагагічную дапамогу дзеці дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту.
Важным паказчыкам якасці адукацыйнага працэсу з’яўляецца падрыхтоўка да выніковай атэстацыі. На выпускных экзаменах па завяршэнні навучання і выхавання на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў цэлым падцвердзіліся якасць ведаў і аб’ектыўнасць выстаўлення гадавых адзнак. Меліся толькі разыходжанні ў межах аднаго бала ў аднаго вучня ў бок павышэння.
За 2022/2023 навучальны год адзін вучань атрымаў пасведчанне аб агульнай базавай адукацыі асобага ўзору.
У 2022/2023 навучальным годзе з чатырох вучняў IX класа атрымалі адзнакі адпаведна гадавым: па матэматыцы – 100%; гісторыі Беларусі – 100%, па рускай мове – 100%, па беларускай мове – 75%. Атрымалі адзнакі вышэйшыя за гадавыя: па вучэбным прадмеце “Матэматыка” – 0%, па вучэбным прадмеце “Руская мова”– 0%, па вучэбным прадмеце “Гісторыя Беларусі”– 0%, па вучэбным прадмеце “Беларуская мова” – 25%. Пры правядзенні выніковай атэстацыі прыкладныя паводзіны атрымалі два вучні, здавальняючыя – таксама два.
Трое выпускнікоў IX класа прадоўжаць сваё навучанне ў X класе. Адзін выпускнік прадоўжыць навучанне ва ўстанове адукацыі “Капыльскі дзяржаўны каледж”.
Першапачатковай задачай установы адукацыі з’яўляецца захаванне здароўя ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу і прапаганда здаровага ладу жыцця.
Згодна з пастаўленымі задачамі на 2022/2023 навучальны год у групе дашкольнай адукацыі праводзілася работа па стварэнні здароўезберагаючых умоў і забеспячэнні якасці адукацыйнага працэсу. Значная ўвага надавалася рухальнай актыўнасці, аздараўленчым і прафілактычным мерапрыемствам, забеспячэнню актыўнага адпачынку праз правядзенне ў групе дашкольнай адукацыі ранішняй гімнастыкі, фізкультхвілінак (штодзённа), рухомых гульняў і фізічных заняткаў і практыкаванняў (на 1-й і 2-й прагулках), фізкультурных забаў (2 разы ў месяц), дзён здароўя і фізкультурных свят (1 раз у квартал). Забяспечанасць спартыўным інвентаром складае 75,8% (2021/2022 н.г. – 73,4%).
На працягу 2022/2023 навучальнага года медыцынскім работнікам вёўся аналіз стану здароўя дашкольнікаў і вучняў. Праводзіліся мерапрыемствы па прафілактыцы грыпу і вострых рэспіраторных вірусных інфекцый. Узровень стану здароўя і фізічнага развіцця ў 2022/2023 навучальным годзе з 15 выхаванцаў складаў: другая група – 13 (86,8%), трэццяя група – 1 (6,6%),чацвёртая – 1 (6,6%); група па фізічнай культуры: асноўная – 14 (93,3%), спецыяльная медыцынская группа – 1 (6,7%) (Дадатак 7). Неабходна адзначыць станоўчую дынаміку ў зніжэнні колькасці прапушчаных дзён па хваробе адным выхаванцам за 2022: паказчык пропускаў дзён па хваробе адным выхаванцам склаў 0,6 (раённы – 1,5), за 2021 – 1 (раённы 1,7), за 2020 – 0,7 (раённы – 1,7), што сведчыць аб рэзультатыўнасці работы з выхаванцамі.
Выкананне норм харчавання 97,2%, што на 1,5% вышэй за раённы паказчык (раённы – 95,7%)
Вялікае значэнне ў захаванні і ўмацаванні здароўя вучняў адыгрываюць урокі фізічнай культуры і факультатыўныя заняткі “Гадзіна здароўя і спорту”. Настаўнік фізічнай культуры ў поўнай меры выкарыстоўваў свае ўрокі для развіцця фізічных якасцей вучняў, умацавання іх здароўя. Наладжана якаснае правядзенне рухомых перапынкаў для вучняў пачатковых класаў. Работа з вучнямі носіць комплексны характар і прадугледжвае цесную ўзаемасувязь адукацыйнага працэсу па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе” з фізкультурна-аздараўленчай работай у рэжыме навучальнага дня, а таксама пазаўрочнай і пазакласнай фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работай.
На падставе вынікаў медыцынскага абследавання вучняў па стану здароўя падрыхтоўчую медыцынскую групу маюць 3 (6,9%) навучэнцы, групу лячэбнай фізічнай культуры – 1 (2,4%) навучэнец, асноўную – 39 (90,7%) навучэнцаў. Узровень стану здароўя і фізічнага развіцця вучняў у 2022/2023 навучальным годзе склаў: з 43 вучняў першая група здароўя – 1 чалавек (2,4%), другая група – 38 чалавек (88,3%), трэцяя – 4 (9,3%).
На працягу 2022/2023 навучальнага года педагогі ўстановы прымалі ўдзел у пасяджэннях раённых вучэбна-метадычных аб’яднанняў па прадметах.
На базе Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі павысілі свой прафесійны ўзровень 9 педагогаў. За апошнія тры гады – 16 педагогаў (100%).
У 2022/2023 н.г. былі праведзены тыдні педагагічнага майстэрства настаўнікаў біялогіі, хіміі (студзень 2023), настаўнікаў вучэбнага прадмета “Айчынная і сусветная мастацкая культура” і “Выяўленчае мастацтва” (сакавік 2023). У тыднях педагагічнага майстэрства таксама прымалі ўдзел выхавацелі групы дашкольнай адукацыі. Матэрыялы правядзення тыдняў педмайстэрства былі размешчаны ў школьным метадычным часопісе.
Ва ўстанове адукацыі маецца неабходнае інфармацыйнае асяроддзе: тэлевізар, мультыборд, мультымедыйны праектар. На працягу навучальнага года было праведзена 727 урокаў і выхаваўчых мерапрыемстваў з прымяненнем інтэрактыўных тэхналогій.
Педагогі ўстановы прымалі ўдзел у дыстанцыйнай алімпіядзе для педагагічных работнікаў па гісторыі, хіміі, геаграфіі, беларускай мове і літаратуры, матэматыцы, рускай мове і літаратуры, хіміі.
Прымяненне інфармацыйных тэхналогій садзейнічае якаснай падрыхтоўцы вучняў да тэматычнага і перыядычнага кантролю, прадметных алімпіяд, арганізацыі і правядзенню пазакласнай работы. Ва ўстанове адукацыі ўстаноўлены інтэрнэт, маецца электронны адрас, папаўняецца сайт установы адукацыі, запаўняюцца электронныя журналы.
На працягу навучальнага года педагогі ўстановы адукацыі прымалі актыўны ўдзел у абласных, рэспубліканскіх семінарах і вебінарах рознага накірунку.
Ва ўстанове адукацыі адзін раз у паўгоддзе выпускаецца школьны інфармацыйна-метадычны часопіс “Метадычны веснік”, у якім настаўнікі могуць размясціць матэрыял з вопыту сваёй працы. Аднак у сродках масавай інфармацыі педагогі транслююць матэрыялы з вопыту сваёй працы рэдка. За 2022/2023 навучальны год усяго толькі чатыры публікацыі (Бацян В.К., Цярэшчанка С.В.).
Выхаваўчая работа ва ўстанове адукацыі ажыццяўляецца згодна з Праграмай бесперапыннага выхавання дзяцей і моладзі, з інструктыўна-метадычным пісьмом “Асаблівасці арганізацыі выхаваўчай і ідэалагічнай работы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ў 2022/2023 навучальным годзе” і накіравана на стварэнне ўмоў для фарміравання высокаінтэлектуальнай і культурнай асобы з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй.
Рэалізацыя задач выхавання ажыццяўлялася з дапамогай выхаваўчых мерапрыемстваў, класных і інфармацыйных гадзін, урокаў, а таксама праз дадатковую адукацыю школьнікаў, праз наведванне аб’яднанняў па інтарэсах, факультатываў, праз удзел у абласных і раённых конкурсах і спаборніцтвах, праз узаемасувязь усіх планаў работы: класных кіраўнікоў, педагогаў дадатковай адукацыі, бібліятэкара, фізкультурна-аздараўленчай работы, а таксама сумесных планаў работы ўстановы адукацыі з аб’ектамі соцыума.
Ва ўстанове адукацыі працуе 10 класных кіраўнікоў, з якіх 9 маюць вышэйшую адукацыю, 1 – сярэднюю спецыяльную. Аналіз планаў выхаваўчай работы паказаў, што класныя кіраўнікі валодаюць тэхналогіямі выхаваўчага працэсу, працуюць над павышэннем эфектыўнасці выхаваўчай работы ў класе праз вырашэнне пастаўленых задач.
Значнай часткай ідэалагічнай і ідэйна-выхаваўчай работы класнага кіраўніка ва ўстанове адукацыі з’яўляецца дзейнаць ПА “БРСМ”, колькасць якой складае 9 членаў (100%) і ПА “БРПА” – членамі якой з’яўляюцца 25 вучняў (100%). Члены грамадскіх аб’яднанняў установы адукацыі з’яўляюцца ініцыятарамі і ўдзельнікамі грамадзянска-патрыятычных і дабрачынных акцый і аперацый, удзельнічаюць у творчых конкурсах і спартыўных спаборніцтвах.
Развіццю пазнавальных інтарэсаў і творчых магчымасцей, выхаванню грамадзянскасці і патрыятызму спрыяла дзейнасць краязнаўчага музея “Гісторыя вёскі Туча”, фонд якога ўвесь час папаўняецца новымі экспанатамі. Для вучняў і гасцей у музеі на працягу года праводзіліся экскурсіі, мерапрыемствы.
Мэтанакіраваная дзейнасць па духоўна-маральным і эстэтычным выхаванні асобы - адна з галоўных складаючых выхаваўчай працы. Ажыццяўляецца цеснае ўзаемадзеянне з прадстаўніком Беларускай Праваслаўнай Царквы пратаіерэем Аляксандрам Іванавічам Кісялём, настаяцелем царквы Свяціцеля Мікалая Цудатворца, Храмам святых апосталаў Пятра і Паўла аг. Галынка іерэем Віталем Ільічом Апончыкам, якія неаднаразова прымалі ўдзел у розных мерапрыемствах: уроках духоўнасці, дабрачынным фестывалі-марафоне “Крылы анёла”, праваслаўных святах, бацькоўскім сходзе.
Рэалізуецца праграма прафесійнай арыентацыі “Твой выбар”. Пастаянна абнаўляецца актуальная інфармацыя для навучэнцаў на сайце ўстановы адукацыі на старонцы “Прафарыентацыя”. Аформлены куток па прафарыентацыі “Для паступаючых ва ўстановы Мінскай вобласці”, стэнд “Табе, выпускнік”.
Вялікая ўвага надаецца экскурсійнай дзейнасці. У 2022/2023 навучальным годзе педагогі і вучні ўстановы адукацыі наведалі мемарыяльны комплекс “Хатынь”, музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, ААТ “Мінскі трактарны завод”, музей мінералаў у г. Мінск, здзейснілі экскурсію ў Клецкі раённы цэнтр бяспекі.
Адным з важнейшых накірункаў выхаваўчай работы з’яўлялася фарміраванне здаровага ладу жыцця. Установа адукацыі мае сучасную матэрыяльную, вучэбна-метадычную і кадравую базу, якая дазваляе ў поўным аб’ёме праводзіць мерапрыемствы па аздараўленні і захаванні здароўя вучняў. З мэтай прафілактыкі траўматызму праводзіліся заняткі па правілах дарожнага руху. Пры арганізацыі работы па фізічным выхаванні праводзяцца школьныя спаборніцтвы, спартыўныя мерапрыемствы.
Вучні прымалі актыўны ўдзел у раённых спартыўных мерапрыемствах і паказалі станоўчыя вынікі. Ва ўстанове функцыянавала аб’яднанне па інтарэсах “Юны футбаліст”, якім былі ахоплены 27,9% ад агульнай колькасці вучняў (12 чалавек), у 2021/2022 навучальным годзе – 30%.
Вялікую ролю адыгрывала выхаванне ў вучняў і выхаванцаў правільных і бяспечных паводзін у паўсядзённым жыцці. У практыку работы ўстановы адукацыі ўвайшлі адзіныя дні бяспекі дарожнага руху, прафілактычныя акцыі, хвілінкі бяспекі дарожнага руху для розных узроставых катэгорый навучэнцаў, тыдзень бяспекі ў дашкольнай групе. У 2022/2023 н.г. было арганізавана сумеснае правядзенне прафілактычных мерапрыемстваў з супрацоўнікамі РАУС.
Ва ўстанове адукацыі дзейнічае Савет прафілактыкі. У 2022/2023 навучальным годзе адбылося 11 пасяджэнняў савета прафілактыкі, на якіх вырашаліся пытанні персанальных спраў навучэнцаў, давалася ацэнка работы ўсяго калектыву па прафілактыцы сямейнага недабрабыту, безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх. Па пытаннях прафілактыкі п’янства, а таксама прафілактыкі правапарушэнняў сярод непаўналетніх установа адукацыі актыўна супрацоўнічала з начальнікам ІСН Клецкага РАУС Гваздом Я.М., участковым інспектарам Піварчыкам У.А., фельдшарам Тучанскага ФАПа Бахановічам В.А., якія праводзілі гутаркі з дзецьмі па прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў сярод непаўналетніх, па прафілактыцы алкагольнай залежнасці, наркаманіі, па прафілактыцы дарожна-транспартнага траўматызму, на прававыя тэмы.
На працягу года праца з бацькамі займала ў выхаваўчай сістэме важнае месца. Было праведзена 5 бацькоўскіх сходаў, на якіх разглядаліся пытанні прафесійнага вызначэння вучняў, праблемы адносін у сям’і, працоўнага выхавання, здароўя, стварэння бяспечных умоў і інш. На класных бацькоўскіх сходах разглядаліся пытанні паспяховасці, паводзін.
На пачатак 2022/2023 навучальнага года ва ўстанове адукацыі навучалася і выхоўвалася 5 непаўналетніх, сем’і якіх прызнаны знаходзячыміся ў сацыяльна небяспечным становішчы. З вучнем X класа праводзіцца індывідуальна прафілактычная работа. Дзякуючы міжведамаснаму ўзаемадзеянню ўстановы адукацыі з іншымі зацікаўленымі арганізацыямі, прафілактычная работа мела станоўчыя вынікі. На канец навучальнага года ва ўстанове адукацыі адсутнічаюць вучні, сем’і якіх прызнаны знаходзячыміся ў сацыяльна небяспечным становішчы.
З мэтай ажыццяўлення сістэматычнага кантролю за пропускамі заняткаў і сістэмнага аналізу іх прычын класнымі кіраўнікамі вядзецца строгі ўлік наведвання вучнямі заняткаў.
Субота з’яўляецца арганічнай часткай цэласнай адукацыйнай сістэмы ўстановы адукацыі. Кожную другую суботу месяца праводзіцца “Дзень здароўя” з удзелам вучняў, педагогаў, бацькоў. Таксама вучні прымаюць актыўны ўдзел у акцыях “Міншчына спартыўная”.
У суботу працавалі аб’яднанні па інтарэсах, вялася мэтанакіраваная праца з членамі БРПА і БРСМ. Кожнае аб’яднанне па інтарэсах, маючы вызначаную мэту, развівала здольнасці вучняў, арганізоўвала вольны час падлеткаў. Да працы прыцягваліся школьнікі розных узростаў, бацькі, грамадскасць. Вучні актыўна ўключаліся ў правядзенне мерапрыемстваў у рамках суботняга дня.
У 2022/2023 н.г. для вучняў установы адукацыі была арганізавана работа 4 аб’яднанняў па інтарэсах: аб’яднанне па інтарэсах “Мой край родны” (Цярэшчанка С.В.), “Дэкаратыўны дызайн” (Шахрай Г.В.), “Умелыя рукі” (Белый В.Ф.), “Юны футбаліст” (Лях У.А.). Аб’яднанні па інтарэсах наведвалі 34 вучні (79%).
Члены аб’яднанняў па інтарэсах з’яўляліся ўдзельнікамі разнастайных творчых конкурсаў. У 2022/2023 навучальным годзе было атрымана 3 дыплома рэспубліканскага і 5 дыпломаў абласнога ўзроўняў:
- Дыплом рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства рэспубліканскай экалагічнай акцыі “Сцяжынкамі Бацькаўшчыны” у намінацыі “Летапіс роднага краю”.
- Дыплом І ступені рэспубліканскай экалагічнай акцыі “Хто, калі не мы” у намінацыі “Людзі разам – смецце паасобна”.
- Дыплом ІІІ ступені рэспубліканскага дыстанцыйнага конкурса ландшафтных праектаў “Дызайн сада” у намінацыі “Сад бесперапыннага цвяцення”.
- Дыплом І ступені абласного конкурса метадычных матэрыялаў “Сучаснае адукацыйнае асяроддзе дадатковай адукацыі” па турыстска-краязнаўчаму, ваенна-патрыятычнаму і эколага-біялагічнаму накірунках.
- Дыплом І ступені абласного этапа рэспубліканскай экалагічнай акцыі “Сцяжынкамі Бацькаўшчыны” у намінацыі “Летапіс роднага краю”.
- Дыплом І ступені абластнога конкурса творчых работ навучэнцаў “Чыгунка: зона павышанай увагі!”
- Дыплом ІІІ ступені абласнога этапа рэспубліканскага конкурса па добраўпарадкаванні і азеляненні “Упрыгожым Беларусь кветкамі” у намінацыі “Лунны сад”.
- Дыплом ІІІ ступені абласнога этапа рэспубліканскага конкурса вопытніцкіх і даследчых работ “Юны натураліст”.
У 2023/2024 навучальным годзе неабходна стварыць умовы для псіхалагічнага камфорту і бяспекі жыццядзейнасці навучэнцаў праз удасканаленне маральна здаровых адносін у сацыяльным асяроддзі, прафілактыку правапарушэнняў непаўналетніх, арганізацыю фізкультурна-аздараўленчай работы і прапаганду здаровага ладу жыцця, садзейнічаць стварэнню эфектыўных механізмаў узаемадзеяння і супрацоўніцтва сям’і і ўстановы адукацыі.
Мэтай фінансава-гаспадарчай дзейнасці ўстановы адукацыі ў 2022/2023 навучальным годзе з’яўлялася ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы для якаснай рэалізацыі адукацыйнага працэсу. Прадумана і эфектыўна была арганізавана вучэбная і гаспадарчая дзейнасць установы адукацыі. Пастаянна праводзіўся аналіз стану матэрыяльна-тэхнічнай базы, адбывалася яе аднаўленне і ўдасканаленне.
Асноўнымі накірункамі дадзенай работы з’яўлялася стварэнне бяспечных умоў для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, выкананне праграмы энергазберажэння, умацаванне матэрыяльнай базы навучальных кабінетаў, інфарматызацыя працэсу навучання.
Навучальны працэс ва ўстанове адукацыі ажыццяўляецца ў класных пакоях, памяшканнях дашкольнай групы. Пасадачных месцаў дастаткова для арганізацыі заняткаў. Ва ўстанове адукацыі рэгулярна праводзіцца кантроль за санітарным станам памяшканняў. Праводзіцца пэўная работа па ахове працы.
Ва ўстанове адукацыі функцыяніруе бібліятэка. Вучні забяспечаны вучэбнымі дапаможнікамі. Бібліятэчны фонд мастацкай і метадычнай літаратуры складае 9213, падручнікаў - 1321, асноўны фонд – 10504 экзэмпляры.
Ва ўстанове адукацыі функцыяніруе камп’ютарны клас, ў якім праводзяцца заняткі па вучэбных прадметах згодна з графікам.
Калектыў установы адукацыі ажыццяўляў пэўную работу па прыцягненні дадатковых сродкаў праз пазабюджэтную дзейнасць і спонсарскую дапамогу. Асноўнымі відамі пазабюджэтнай дзейнасці з’яўляліся работа па пераборцы бульбы (4479,88 руб. ), платныя паслугі (200,09 рублей), платныя адукацыйныя паслугі (1012,11 рублей), збор макулатуры - 1645 кілаграмаў (у 2021 годзе – 1931 кілаграмаў) і металалому – 745 кілаграмаў (у 2021 годзе – 931 кілаграм). У ходзе пазабюджэтнай дзейнасці ўсяго было зароблена 38550,28 рублёў (у 2021 годзе – 32943,02 рублёў). На працягу навучальнага года праводзілася работа па ўмацаванні матэрыяльнай базы: праведзены рамонтныя работы па ліквідацыі дэфектаў фасада памяшкання школы. Праведзены рамонт памяшканняў кабінета пачатковых класаў, спальнага памяшкання групы дашкольнай адукацыі згодна з патрабаваннямі САНПіНа. Рэканструявана экспазіцыя “У гады Вялікай Айчыннай вайны” у школьным краязнаўчым музеі “Гісторыя вёскі Туча”. У вучэбныя кабінеты набыты стэнды на 1920 беларускіх рублёў. Спартыўнага інвентару набыта на 96,0 беларускіх рублёў. За кошт пазабюджэтных сродкаў умацоўвалася вучэбна-матэрыяльная база. Закуплены для дашкольнай групы гульнявы і наглядны матэрыял, літаратура. Закупляліся метадычная літаратура, перыядычныя выданні, мыйныя, дэзынфецыруючыя сродкі, будаўнічыя матэрыялы, посуд. На працягу навучальнага года працягвалася работа па рэалізацыі праграмы энергазберажэння.
Установа адукацыі выконвае прагнозныя паказчыкі па фінансава-гаспадарчай дзейнасці. За 2022 год выкананы: план платных паслуг – 4,65 рублёў на чалавека, платных адукацыйных паслуг – 23,54 рублёў на аднаго вучня, на 137% выкананы план па папаўненні спецрахунка, план па здачы макулатуры выкананы на 125%.
У 2023/2024 навучальным годзе неабходна праводзіць мэтанакіраваную работу па папаўненні спецрахунка ўстановы адукацыі праз пашырэнне форм пазабюджэтнай дзейнасці, працаваць над умацаваннем матэрыяльнай базы вучэбных кабінетаў, ажыццяўляць сістэматычную работу педагагічнага калектыву па добраўпарадкаванні тэрыторыі ўстановы адукацыі.